ЧЫ́НШАВАЯ ШЛЯ́ХТА,
група дробнамаянтковай шляхты Беларусі, Украіны і Літвы ў 16—19 ст. Спадчыннай зямлі яна не мела, а арандавала за грашовы чынш у дзяржавы ці буйных землеўласнікаў (магнатаў). Звычайна заключала з уласнікам вусную дамову аб арэндзе на тэрмін ад 1 да 15 гадоў. Фармальна належала да прывілеяванага саслоўя: мела асабістую недатыкальнасць, не падлягала ваенна-дарожным павіннасцям, мела права голасу на сойміках. У 1795—99 на ўсіх землях, далучаных да Рас. імперыі, складала 148 443 чал. мужч. полу з 218 025 чал. усёй шляхты. Для абмежавання доступу Ч.ш. ў дваранства рас. ўрад з канца 18 ст. праводзіў разбор шляхты. Значная частка Ч.ш. да 2-й пал. 19 ст. пераведзена ў саслоўі сялян і мяшчан.
Я.К.Анішчанка.
т. 17, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)